Асноўныя патрабаванні да ведаў, уменняў і навыкаў вучняў ІІІ класа
Вучні павінны в е д а ц ь:
што з’яўляецца тэмай і асноўнай думкай тэксту; адрозненні паміж апавядальнымі, пытальнымі і пабуджальнымі сказамі; асаблівасці клічных сказаў; якія словы з’яўляюцца сінонімамі, антонімамі; якія часткі ўваходзяць у склад слова (канчатак, корань,прыстаўка, суфікс) і якую ролю выконваюць; якія словы называюцца роднаснымі; назвы асноўных часцін мовы (назоўнік, прыметнік, дзеяслоў) і пытанні, на якія яны адказваюць; як вызначыць род і лік назоўнікаў і прыметнікаў; як вызначыць час дзеясловаў.
Вучні павінны ў м е ц ь:
вызначаць тэму і фармуляваць асноўную думку тэксту, падбіраць да тэксту загаловак; дзяліць тэкст на часткі, складаць план (пад кіраўніцтвам настаўніка); вызначаць від сказа і перадаваць інтанацыю на пісьме з дапамогай знакаў прыпынку ў канцы сказа; вызначаць у сказе галоўныя (дзейнік і выказнік) і даданыя (без дыферэнцыяцыі) члены сказа, устанаўліваць сувязь паміж імі з дапамогай пытанняў; падбіраць да слоў сінонімы і антонімы з шэрагу прапанаваных; падбіраць роднасныя словы; вызначаць у словах выразнай будовы канчатак, корань, прыстаўку, суфікс; утвараць словы з дапамогай прыставак і суфіксаў; правільна пісаць прыстаўкі аб-, ад-, над-, пад-, з- (с-) у словах; адрозніваць прыстаўку ад прыназоўніка; адрозніваць назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы; адрозніваць назоўнікі, якія адказваюць на пытанні х т о? ш т о? вызначаць час дзеясловаў; асобна пісаць не з дзеясловамі; вызначаць род і лік назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў прошлага часу; карыстацца тлумачальным слоўнікам; пісаць пад дыктоўку з захаваннем вывучаных нормаў беларускага правапісу.